14 ноября 2017
Увеличить шрифт Сбросить настройки шрифта Уменьшить шрифт Версия для печати

Агляд тэатральных падзей з 13 па 19 лістапада

Агляд тэатральных падзей з 13 па 19 лістапада
­Тэатральны тыдзень пачнецца 17 лістапада ў 18:00 з урачыстай цырымоніі адкрыцця Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматугіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча пастаноўкай “Кар'ера доктара Рауса” В. Марціновіч (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі(г. Мінск).
Людзi, якiя нарадзiлiся раней сваёй эпохi. Што мы ведаем пра iх? Сухія гістарычныя факты, даты і лічбы, партрэты ў падручніках. Ведаем iх дасягненні, якія сёння для нас натуральныя і незаўважныя. Але мы наўрад ці задумваемся аб тым, як такія людзі жылі, што адчувалі, як да іх ставіліся навакольныя i чаго iм каштавала апантанасць сваімі ідэямі, якая змяняла жыццё ўсяго чалавецтва. Кар’ера доктара Рауса – гісторыя чалавека, якi нарадзiўся значна раней сваёй эпохi. І імя яго – Францыск Скарына.­




18 лістапада ў 12:00“Тарас на Парнасе” С.Кавалёў (Слонімскі драматычны тэатр)
На Парнасе галоўны герой трапляе ў палац, дзе жывуць багі. Праўда, не зусім яны падабаюцца Тарасу, тым не менш ён паказвае сябе сярод іх добрым і разумным кіраўніком, спагадлівым мужам, ласкавым і велікадушным бацькам. Таму прыходзіцца знаходзіць агульную мову з Герай, Гебам, Зеўсам, Венерай, Геркулесам, Марсам, Вулканам, Бахусам і іншымі. Тарас нават на пэўны час замяняе Зеўса. Вось такі ён, беларус-палясоўшчык!



­

18 лістапада ў 20:00“Сіндром Медэі”Ю. Чарняўская (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (г. Мінск)
Сюжэт Эўрыпіда актуальны і па сённяшні дзень. Змяняюцца толькі дэкарацыі жыцця і формы рэакцый. Як чалавек жыве і будуе сваё жыццё ў межах жыцця іншага чалавека? Што ён адчувае пасля здрады ці страты? Што стаіць за яго ўчынкамі? Сёння мы не паглыбляемся ў сутнасць псіхалагічнага выбуху: дастаткова, што ён адбыўся. Мы лёгка выносім свае вердыкты ў каментарыях у сусветнай павуціне, каб праз пару дзён забыцца на гэта і пераключыцца на чарговую гісторыю. Павярхоўны позірк на этыкетку, паскораныя меркаванні і нежаданне зразумець іншага – трагедыя не толькі адной Медэі.




19 лістапада ў 12:00­Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск) пакажа “Точки на временной оси” Д. Багаслаўскі
П’еса пабудавана на дакументальных фотаздымках, якія ўвайшлі ў падборку “40 лепшых здымкаў за 100 год”. Яна складаецца з 8-мі навэл, не звязаных паміж сабой сюжэтам альбо героямі, але аб’яднаных агульнай ідэяй веры ў чалавека, асэнсаванасць і прыгажосць яго існаванняна на  гэтай зямлі.
У кожнага здымка свая гісторыя, свой лёс: памёршыя становяцца жывымі, тыя, хто прыехаў забіваць, паварочваюць назад, хто ведае, што яго чакае смерць, усё адно ідзе наперад, спустошаныя – здабываюць надзею, згубіўшыя ўсё, раптам адчуваюць сябе шчаслівымі… Усё гэта таму, што ў кожным з нас, негледзячы ні на што, жыве любоў да жыцця, да чалавека. І толькі дзякуючы такой любові, мы здольныя вырваць свет з цемры.




19 лістапада ў 14:00 Запрашаем на прадстаўленне дзяцей ад трох гадоў. Спектакль “Стойкі алавяны салдацік”(Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў г. Мінск) – музычная казка, расказаная скрыпкай і лялькамі. Разам з казачнай гісторыяй дзеткі пазнаёмяцца з чароўнай музыкай. У спектаклі толькі жывая музыка скрыпкі, званочкаў, трыкутнікаў, музычных скрыначак, гучаць гераічныя маршы і лірычныя рамансы. Пастаноўка пяшчотная і добрая, як усе гісторыі Андэрсана.




19 лістапада ў 17:00 на сцэне палаца мастацтваўНацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага з пастаноўкай“Песняр”.
Спектакль прысвечаны неардынарнай асобе, выдатнаму музыканту, народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну. Гаворка ў ім ідзе аб складаным лёсе Песняра, які стаў нацыянальным гонарам Беларусі. Дзякуючы яму беларуская песня і паэзія сталі часткай сусветнай культуры. Як узнікае каханне? Як складаюцца вершы? Адкуль з’яўляецца музыка, якую хочацца слухаць і сёння, і заўтра, і праз шмат год? Якім павінен быць чалавек, каб быць годным любові? Жорсткі, шакіруючы, але адначасова рамантычны, музыкальны і бясконца шчыры спектакль “Пясняр” – як адказ на гэтыя пытанні. У спектаклі гучаць песні ансамбля “Песняры”, якія выконваюць самі артысты.




19 лістапада ў 19:30“Ладдзя Роспачы” У. Караткевіч (Беларускі дзяржаўны тэатр лялек г. Мінск)
“Галоўны герой навэлы – гэта па сутнасці сам аўтар. Незацугляны ні ў думках, ні ва ўчынках жыццялюб, які “носіць сваё неба з сабою”. Ён гуляе ў шахматы са смерцю і перамагае яе, бо мае за правіла: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто – і тады пераможаш”. Гэтага якраз трымаўся Уладзімір Караткевіч, здзіўляючы XX стагоддзе. У алегарычных вобразах – гісторыя нашай зямлі, народа, “…які жыў насупор і не так, і ўзрошчваў шыпы на сваіх каранях, а не на сцяблінах” ­




Поделиться: